Ах вы Солы, мае Солы
(легенда)
Даўно ў далёкай Балтыі весела і дружна жыло племя. Днём працавалі, а вечерам дружна адпачывалі: танцавалі, спявалі, дзяўчаты гадалі.
Важак быў вельмі добры і спагадлівы. Ён не меў свайго роднага дзіця, але любіў па-бацькоўскі хлопца: спрытнага, смелага, прывабнага. Звалі яго Сало. Знайшоў яго важак, падабраў і выхадзіў. Ды здарылася хутка бяда: завялася чорная смерць, не стала важака, памёр. Правадыром племя стаў яго прыёмны сын. Ён вырашыў знайсці іншую зямлю, якая б стала для яго блізкіх роднай і ўратавала б ад страшнай хваробы. Доўга ішлі людзі, уцякалі ад страшнай навалы. Нарэшце, ўбачылі жаданую зямлю: заліўныя лугі з мурожнай травою, лясы, багатыя на грыбы і ягады, а яшчэ рэкі – чыстыя, крынічныя. Пасяліліся тут балты, прыжыліся. Ішлі гады, стагоддзі, расла і шырылася вёска. А назва яе засталася і па сённяшні дзень. І хто ведае, ці гэта імя лягло ў аснову яе, ці тое, што слова “Salas” (што азначае “востраў”) прынеслі з сабою тыя далёкія нашы продкі. А ўвогуле, калі ўважліва паглядзець на карту, бачна, што тэрыторыя Сол нагадвае востраў, берагі якога амываюць рэкі Ашмянка і Кернава.
|