РУС БЕЛ ENG

Мар'ян Дукса

Мар'ян Дукса

Жыццё цудоўным можа вам здавацца,

Бяскрайнім, вечным, радасным,

Але з гары жадаю вам я не сарвацца…

Трымайцеся надзейна на скале!

Прымайце ў твар усе марскія ветры,

Кідайцеся сабе ў глыбіні ўсе.

Ды помніце пра бераг запаветны,

Куды вас лёс спагадлівы нясе.


Марян Мікалаевіч

Дукса

1943 - 2019

 

Нарадзіўся 5 красавіка 1943г. ў вёсцы Каракулічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і.

У 1969г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і пачаў працаваць настаўнікам Сольскай сярэдняй школы (1969-1987).

Мар’ян Мікалаевіч Дукса – беларускі паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1968г., аўтар 17 кніг паэзіі, з якіх чатыры – для дзяцей. Яго вершы друкаваліся ў перакладзе на рускую, украінскую, польскую, балгарскую мовы.

У 2013 годзе паэт атрымаў пачэсны тытул “Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна”. Мар’ян Дукса з’яўляецца аўтарам гімна г. Смаргонь.

Своеасаблівым маніфестам на ўсё жыццё паэта сталі словы: “Я настойліва сцвярджаю, што паэзія – гэта своеасаблівая пропаведзь, палітычная, сацыяльная, рэлігійная, маральная, эстэтычная, пропаведзь заўсёды гуманістычная па сваёй сутнасці. Пропаведзь, дадзеная Богам”.

На старонках рэспубліканскай перыёдыкі выступае з вершамі з 1960 года.

Выдаў вершаваныя зборнікі:

«Спатканне» (1967г.),

«Крокі» (1972г.),

«Станцыя» (1974г.),

«Прыгаршчы суніц» (1976г.),

«Забытыя словы» (1979г.),

«Зона супраціўлення» (1982г.),

«Твая пара сяўбы» (1985г.),

«Заснежаныя ягады» (1989г.).

Аўтар кніг для дзяцей:

«Зялёны акварыум» (1980г.),

«Світаюць сосны» (1987г.).

 

Мар’ян Дукса — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1990, за кнігу паэзіі «Заснежаныя ягады»), Нацыянальнай лiтаратурнай прэмii Беларусi (2016 г., за кнігу вершаў «Птушка вечнасцi — душа»)

Можа, з зорнага каўша

выпадкова заляцела

у збянтэжанае цела

птушка вечнасці — душа.

 

 Выпала з нябёс сваіх,

некаму зрабіла ласку,

трапіўшы ў зямную пастку,

затрымаўшыся на міг.

 

 Лёгка, нібы мімаходзь,

для прыгоды ці забавы

увайшла ў нашы справы,

азарыўшы небам плоць.

 Кроплю скінула цяпла

у пахмурны дзень балесны.

 

Шчодрая, агонь нябесны

сэрцу цёмнаму дала.

 Хутка — зноў у родны дом.

Бо не хочацца адчайна

быць заўжды несумяшчальнай

з каламутным нашым дном.

 

 Кліча млечная шаша.

Праз надзею і бяссілле

слізгаціць нячутным крыллем

птушка вечнасці — душа.

Узнагароджаны медалём

Саюза пісьменнікаў Беларусі 

“За вялікі ўклад у літаратуру” (2013г.)

Мар’ян Дукса: “Жыву ў Солах і тым ганаруся”  

06.08.2017

Я спытала ў жураўля : - Дзе ёсць лепшая зямля? Птах трымаў такі адказ:  - Няма лепшай, як у нас!

Вёска Солы… Такая, якіх мноства на Беларусі, але ўсё ж адзіная і непаўторная, бо гэта мая радзіма.

Мар’ян Мікалаевіч – працаваў настаўнікам у Сольскай сярэдняй школе, у якую ён трапіў па размеркаванні пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ ў 1969 годзе. Так паэзія і настаўніцтва назаўсёды паядналіся ў яго лёсе.

поделиться в: