Смаргоншчына літаратурная
Станіслаў Шыманоўскі
Станіслаў Вінцэнтавіч Шыманоўскі (1893-1920) нарадзіўся ў вёсцы Данюшава Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Удзельнік Першай сусветнай вайны, беларускі паэт. Друкаваўся з 1919 года ў газетах “Беларус”, “Крыніца”, часопісе “Рунь”. У вершах “Скрыўджаная зямля”, “Песня над магілай”, “Голад” і іншых стварыў вобраз сваёй Радзімы, разбуранай падчас вайны і змучанай голадам. Селянін і рабочы — героі вершаў “Араты”, “Гаспадары”, “Жыў у няволі доўгі час мой бедны брат”. Асобныя творы прасякнуты верай у абуджэнне народа (“Зорка”, “Усход сонца”, “З нашага жыцця”). Запамінальныя малюнкі прыроды створаны ў вершах “Усход сонца”, “Зіма”, “Хмызнякі”. У ідэйна-творчым плане арыентаваўся на Я. Купалу.
|
|
Майсей Кульбак
Майсе́й Саламо́навіч Ку́льбак (20 сакавіка 1896 г., горад Смаргонь — 29 кастрычніка 1937 г., НКУС, Мінск) — яўрэйскі пісьменнік, драматург, перакладчык. Пісаў на ідышы. Друкавацца пачаў восенню 1916 года, першая публікацыя — верш “Зорачка” (“Штэрндл”), які хутка атрымаў папулярнасць як народная песня. Аўтар зборнікаў “Вершы” (Вільня, 1920 год), “Новыя вершы” (Варшава, 1922 год), “Паэмы і вершы” (Мінск, 1929 год), раманаў “Месія сын Эфроіма” (Берлін, 1924 год), “Панядзелак” (Варшава, 1926 год). Для дзяцей напісаў казку “Вецер, які гневаўся” (Вільня, 1921 год). Аўтар драмы “Якаў Франк” (Вільня, 1923 год), п’ес “Разбойнік Бойтра”.
Збор твораў Майсея Кульбака ў 1929 годзе быў выдадзены ў Вільні ў 3 тамах. У Мінску выйшлі “Вершы і паэмы” (1929 год), паэма “Дзісенскі Чайльд Гарольд” (1933 год).
|
|
Алесь Салагуб
Алесь Салагуб (18 кастрычніка 1906 г., вёска Зарудзічы, цяпер Смаргонскі раён — 17 мая 1934 г.). Беларускі паэт, вязень Лукішак. Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1927 год), у 1928 годзе нелегальна перайшоў у БССР, дзе скончыў БДУ (1931 год). 10 жніўня 1933 г. арыштаваны і 17 мая 1934 г. расстраляны. Друкаваўся з 1925 года, у 1929 годзе ў Мінску выйшаў зборнік вершаў “Лукішкі”. У 1961 годзе ў часопісе “Полымя” апублікаваны яго “Лукішскі дзёньнік”.
Вершы друкаваў ў “Нашай волі”, “Вольнай працы”, “Нашай праўдзе”, “Маланцы”, “Беларускай ніве” і іншых выданнях пад уласным прозвішчам і пад крыптанімамі і псеўданімамі: Лявон Адраджэнец, Лявон Чачотка.
|
|
Арсень Ліс
Арсень Сяргеевіч Ліс (4 лютага 1934 г., вёска Вётхава, Маладзечанскі павет, Віленскае ваяводства, Польшча, цяпер Смаргонскі раён, Беларусь — 28 мая 2018 г.) — беларускі фалькларыст, літаратуразнавец, літаратар. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР (з 1967 года) і Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1991 года). Доктар філалагічных навук. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1986 год) за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні акадэмічнага збору беларускай народнай творчасці. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага (1994 год) за кнігу “Цяжкая дарога свабоды”. За актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным Адраджэнні Камітэтам ушанавання ўзнагароджаны медалём Язэпа Драздовіча за “руплівасць на ніве беларускага мастацтва” (25 сакавіка 1998 г.), медалём Анатоля Бярозкі “Цвяток Радзімы” і адпаведнымі дыпломамі.
Занесены ў беларускую Кнігу гонару “Рупліўцы твае, Беларусь”.
|
|
Павел Савоська
Павел Савоська нарадзіўся ў 1941 годзе ў вёсцы Зарудзічы Сморганскага раёна. Пасля заканчэння Залескай сярэдняй школы і Друйскай тэхнічнай вучэльні служыў у Савецкай Арміі. Друкаваўся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Работніца і сялянка”. Працаваў журналістам у газетах “Культура” і “Кнігарня”. З’яўляецца адным з аўтараў калектыўнага зборніка “Краю мой – Нёман”. Выдаў кнігі прозы “Ранішняя дарога” і “Апошні сезон”. Апошнія перад пенсіяй гады працаваў па сваёй асноўнай спецыяльнасці тэхнікам у мінскай фірме
|
|
Артур Цяжкі
Артур Цяжкі (23 ліпеня 1943 г. - 5 красавіка 1984 г.) нарадзіўся ў вёсцы Лылойцы Смаргонскага раёна. Пасля заканчэння Свірскай сярэдняй школы Мядзельскага раёна (1963 год) працаваў у Смаргонскай раённай газеце “Светлы шлях” літаратурным супрацоўнікам.
Першыя апавяданні апублікаваў у 1966 годзе (газета “Літаратура і мастацтва”). Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў “Сустрэча пасля вясны” (1980 год), “Пара блакітных дажджоў” (1982 год), “Дзе мой дом?..” (1986 год).
|
|
Генадзь Пашкоў
Генадзь Пятровіч Пашкоў нарадзіўся 23 сакавіка 1948 г., у вёсцы Малыя Ліпавічы, Чашніцкі раён, Віцебская вобласць, БССР. Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст. У 1953 годзе разам з бацькамі пераехаў у Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1977 года.
Выдаў зборнік паэзіі “Кляновік” (1975 год), “Дыстанцыя небяспекі” (1979 год), “Гравюры дарог” (1981 год), “Зямлю слухаю” (1983 год), “Маналог на кастрышчы” (1986 год), “Крокі” (1988 год), “Люблю, спадзяюся, жыву” (1990 год), “Журавінавы востраў” (1998 год), “Тваім святлом благаславёны” (2006 год). Аўтар зборнікаў паэзіі для дзяцей “Дзяўчынка з блакітным мячыкам” (1986 год), “Пціч” (1991 год), “Зорнае поле” (1999 год), кніг нарысаў “Будзень як свята” (1977 год), “Палескія вандроўнікі” (1998 год). З’яўляецца адным з аўтараў дакументальнага фільма “Я зямлю люблю так…”.
Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2013 год).
|
|
Аркадзь Жураўлёў
Журналіст, празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Жураўлёў Аркадзь Трафімавіч нарадзіўся 13 верасня 1955 г. ў вёсцы Гарані Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці. Скончыў Вішнеўскую сярэднюю школу (1972 год). У Смаргонскай газеце “Светлы шлях” у далёкім 1967 годзе апублікаваў сваю першую нататку і атрымаў свой першы ганарар. Яго творы друкаваліся ў літаратурна-мастацкіх часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Вожык”. Спрабаваў сябе як перакладчык: пераклаў на рускую мову дэтэктыўную аповесць Янкі Галубовіча “Круг звужаецца”. У 2006 годзе становіцца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Аўтар зборнікаў сатыры і гумару “Апалонік для дырэктара” і кнігі сталай прозы “Я жадаю вам дабра…”.
|
|
Алесь Жамойцін
Аляксандр Пятровіч Жамойцін нарадзіўся 7 жніўня 1955 г., вёсцы Малахоўцы, Баранавіцкі раён. Беларускі паэт. Скончыў Пружанскую сярэднюю школу-інтэрнат (1972 год), працаваў слесарам на заводзе “Гомсельмаш”. Скончыў завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ (1982 год). З 1978 года па 1985 год працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Доцішскай васьмігадовай школе Воранаўскага раёна. З 1988 года — навуковы супрацоўнік, з 1989 года — загадчык літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. Багушэвіча ў вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1989 года).
Дэбютаваў вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1981 годзе ў газеце “Літаратура і мастацтва”. Аўтар зборніка паэзіі “Азірнуўшыся — не скамянею” (1989 год).
|
|
Ала Клемянок
Ала Леанідаўна Клемянок нарадзілася 6 кастрычніка 1961 г. ў горадзе Маладзечна, Мінскай вобласці. Беларуская паэтэса, журналістка. У 1979 годзе скончыла Маладзечанскую сярэднюю школу № 3, у 1985 годзе — факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1995 года жыве ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці, працуе загадчыкам аддзела культуры, маралі і права мясцовай беларускай газеты “Светлы шлях”. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2003 года.
Друкавацца пачала з 1977 года ў мясцовай маладзечанскай газеце і ў рэспубліканскай прэсе. Вершы змяшчаліся ў часопісах “Маладосць”, “Полымя”, “Куфэрак Віленшчыны”, штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, зборніках паэзіі. Выдала пяць кніжак вершаў “Яны не ведалі мяне” (Маладзечна, 1999 год), “Бывай, Альба Рутэнія” (Гродна, 2007 год), “Рэфлексіі” (Гродна, 2010 год), “Не пускайце ў сэрца адзіноту” (Мінск, 2013 год), “Нальшчанскі блог” (Маладзечна, 2023 год).
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч).
|
|